НАРО́ДНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,
старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.
На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м. Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія з нар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.
У.А.Васілевіч.
т. 11, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)